КАРО́ТКАЕ ЗАМЫКА́ННЕ,
злучэнне токаправодных частак эл. ланцуга праз малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Парушае работу эл. апарата (устаноўкі), небяспечнае для людзей.
Бывае 2- і 3-фазнае; аднафазнае — на зямлю або корпус (злучэнне праваднікоў эл. устаноўкі з прадметамі, што маюць нулявы патэнцыял); міжвітковае (злучэнне накоратка аднаго або некалькіх віткоў абмоткі эл. апарата ці эл. машыны); перамежнае (пачаргова ўзнікае і знікае, напр., паміж правадамі, якія разгойдваюцца). Прычыны К.з. — парушэнне электраізаляцыі правадоў або выпадковае злучэнне неізаляваных праваднікоў паміж сабой ці праз электраправодны матэрыял. Вядзе да рэзкага павелічэння току, выклікае празмернае награванне правадоў і апаратаў, можа прывесці да пажару ці пашкоджання эл. абсталявання. Каб папярэдзіць небяспечныя наступствы К.з. выкарыстоўваюць токаабмежавальныя рэактары электрычныя, секцыянаванне эл. сеткі, прыстасаванні хуткага адключэння ўчастка з К.з. (рэлейную ахову, аўтам. выключальнікі і інш.).
т. 8, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)